КУЛЬТУРНА-ГРАФІЧНЫ КОД БЕЛАРУСАЎ
Асабіста для мяне не толькі мова, культура, літаратура, фальклор, мастацтва, гісторыя, да нават тая ж кулінарыя вылучае беларусаў з сям’і народаў, але і сваеасаблівы культурна-графічны код. Гэта спрадвечная крыніца, якая сілкуе нашу душу, розум і сэрца, сілкуе сімваламі, колерамі і вобразамі, без якіх мы засохнем, а атрымаўшы паліў з чужой крыніцы перастанем быць беларусамі
Гэты код існуе таму, што мы – краіна з багатай тысячагадовай гісторыяй. Часткай гэтай гісторыі з’яўляюцца сімволіка, геральдыка і атрыбутыка нашых продкаў, а таксама і сучасная сімволіка, забароненая ўладамі. Мы – нацыя, таму валодаем паўнавартаснай нацыянальнай сімволікай.
Сёння мы можам безпамылкова вызначыць нашы нацыянальныя ідэнтыфікатары – колеры і сімвалы. Яны нязменныя, не залежаць ад палітыкі і ідэалогіі. Беларусь – гэта белы і чырвоны колеры, Беларусь – гэта Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг, Беларусь – гэта не тольки два галоўных преалічаных сімвала, а мора сімвалаў, аб якіх далей.

Але спачатку пра галоўныя сімвалы і колеры: белы – чыстая душа беларусаў, наша імкненне да міру, спакою і стварэнню, чырвоны – сэрца, кроў, жыццё народа. У чырвоным колеры – наша шматвекавая гісторыя: гады войнаў і паўстанняў, агонь рэвалюцый, барацьба за сваё месца сярод краін і народаў, драматызм станаўлення беларускай нацыі і пабудова суверэннай беларускай дзяржавы. Белы вольны мір, забяспечаны чырвоным, крывавым змаганнем за яго.
Белы і чырвоны колеры адлюстраваны ў народным касцюме беларусаў, у арнаменце беларускіх ручнікоў. «Белай сцяной» яшчэ нядаўна называлі беларусаў, апранутых у святочную вопратку, бо на свята апраналі не шэра-рудое працоўнае, а святочнае з выбеленага льнянога палатна. Чырвонымі былі акцэнты, элементы касцюма, упрыгожванні. Дарэчы, такой тоеснасцю сцяга і народнага строю іншыя народы ў сваёй большасці не валодаюць.

У гербе Пагоня, у чырвоных гербавых сцягах якія мы памятаем з гісторыі і нават з пратэстаў: чырвоны – колер сілы і ўлады, белы – гэта велічны народны сімвал – сярэбраны вершнік з мячом у руцэ. Рыцар увасабляе сабой рыцарскі кодэкс паводзінаў, чысціню намераў і, у той жа час, гатоўнасць абараніць Беларусь.
Але гэтымі дзвума нацыянальнымі сімваламаі беларуская сімволіка не абмяжоўваецца. Было б дзіўна, калі б мы з вамі гадзіну распавядалі толькі пра гэтыя хоць і святыя для нас сімвалы. Трэба разумець, што структурна беларуская сімволіка значна больш разнастайная! І падзяляецца яна на дзяржаўную, тэрытарыяльную, карпаратыўную (у тым ліку – ведамасную, сімволіку грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў), а таксама – прыватную.
Ўсё гэта існуе самастойна: беларусы шануюць нацыянальны герб, трымаюць у руках дзяржаўны сцяг, памятаюць і выкарыстоўваюць гербы і сцягі гарадоў і раёнаў далекай Радзімы (прабачце, але далей я буду звяртацца за прыкладамі ў большасці да беларусаў у эміграцыі, бо там, адкуль мы – гаворкі пра паўнаватаснае нацыянальнае жыццё на жаль не ідзе). Ведамасная сімволіка – гэта то, што на нарукаўных знаках прадстаўнікоў розных структур, сімволіка грамадскіх аб’яднанняў на іх сцягах, прыватная сімволіка – на нашых асабістых і сямейных гербах, асабістых рэчах, абярэгах, тату, аватарках у соцсетках і гэтак далей.
Дык што ж сабой уяўляе культурна-графічны код беларусаў? Гэта, сучаснай мовай кажучы, архіў дадзеных, які аб’ядноўвае сімвалы, колеры і вобразы, якія сталі сімваламі. Структура архіва, прапанаваная мной: старажытныя протасімвалы-графемы, старажытныя знакі, эмблемы, гербы, сцягі, ўзнагароды, народны строй і ведамасны мундзір, а таксама іншае, што, напрыклад, карыстаецца сімволікай: дэкаратыўна-прыкладное і кніжнае мастацтва, архітэктура і дызайн, тэатр…
А дзе ж гэты архіў, спытаеце вы? Вонкава і матэрыяльна: на вуліцах і ў дамах, у дэкоры гістарычных будынкаў і інтэр’ераў – свецкіх і культавых, у зборах музеяў, бібліятэк, архіваў, у прыватных калекцыях, дзе захоўваюцца: мініяцюры летапісаў, ілюстрацыі рукапісных і друкаваных кніг, замалёўкі і гравюры, карціны і фатаграфіі, скульптуры, узнагароды, манеты, кнігі і многае іншае. На жаль, пакуль не існуе ён у даступнай электроннай версіі, няхай бы і з дапаўненнямі, акрамя розных асобных і абмежаваных праектаў, збораў, інфармацыйных баз і даведнікаў. А было б добра, а яшчэ лепш – асобны музей беларускай сімволікі, спецыяльныя кнігі па ёй. Будзем спадзявацца, што так яно і будзе.
ЗНАКІ-ГРАФЕМЫ
Шмат тысячагодзяў таму нашыя продкі карысталіся простымі знакамі-графемамі, якія спатрэбілісь у паўсядзённым жыцці, для простага пазначэння, для дэкору, для ілюстрацыі міфаў, малітоўнага звароту, у якасці абярэга. Гэта былі плямы, лініі, штрыхі, кропкі, насечкі. Пазней з’явіліся больш складаныя знакі: круг – Неба, квадрат – Зямля, ромб – Маці-Зямля-Жанчына, крыж – Зямля-Сонца, трохвугольнік – Воблака-Неба, зігзаг – Нябёсы-Дождж, хваля – вада, а таксама рэалістычныя выявы. Магчыма адзін з найбольш шануемых беларусамі быў ромб – бо ў ім увасобілась Маці-Радзіма, Маці-Багіня, Маці-Зямля-ураджай, Маці-Жанчына-ражаніца дзяцей, Маці сырая зямля, якая прыймала нябожчыкаў.
УЗОРЫ
Далей з’явілісь знакі-малюнкі, якія ўяўляюць сабой пэўныя перапляценні ліній, фігур, спалучэнні фарбаў, прызначаныя для ўпрыгожвання чаго-небудзь, якія мы называем узорамі. Чаргаванне ўзораў з пэўнай заканамернасцю, паўтор фрагментаў і іншыя прыёмы нараджаюць асаблівую частку мастацкай культуры – арнамент. У залежнасці ад матыву прынята дзяліць узоры і арнаменты на геаметрычныя, раслінныя, жывёльныя (зааморфныя) і змешаныя. Беларусы маюць выбітныя па прыгажосці узоры і арнаменты, напрыклад, на падвесках бронзавага веку, у старажытных храмах, у кнігах Францыска Скарыны, на Слуцкіх паясах, у інтэр’ерах Нясвіжскага і іншых палацаў, Мірскага замка, зборах музеяў і г.д.
НАРОДНЫ АРНАМЕНТ
У беларускім народным мастацтве вядома шмат видаў арнаментаў у залежнасці залежнасці ад вобласці прымянення і матэрыялаў. Аднак найбольш поўна багаты духоўны свет беларусаў увасобіўся менавіта ў народным ткацтве і вышыўцы.
Гэта пераважна геаметрычны стыль, які выкарыстоўвае прамыя і зігзагападобныя лініі, трохвугольнікі, крыжы рознай формы, шматпялесткавыя разеткі, квадраты, ромбы, прамавугольнікі. Узоры беларускага арнаменту разнастайныя, гэта асобы свет, дзе обазначана амуль усё: богі і людзі, жывёлы і расліны, духоўнае жыццё і быт, праца, вайна, небяспека і іншае. Карыстаясь арнаментам як азбукай беларускі складалі на сваіх творах па сутнасці вонкавыя ці зашыфраваныя гісторыі: падзякі і надзеі, малітвы і абярэгі, віншаванні і жалобы. Найбольш шануюць беларусы узор Сонца, Зямлі, Чалавека.

РОДАПЛЯМЁННЫЯ ЭМБЛЕМЫ, ЗНАКІ-КЛЕЙНЫ, ГЕРБЫ
Жыццё нашых продкаў крочыла наперад, спатрэбілісь знакі радавой уласнасці, знакі улады, статуса. У параўнанні са шматлікімі знакіамі майстроў, гандляроў, бортнікаў і іншых, хто замест подпісу маляваў нейкі знак, нейкі вытворчы сімвал – знакі князей, баяраў, пазней магнатаў, мелі іншы ўзровень адказнасці, бо гэта ўлада. Знакі радавой уласнасці (для зручнасці назаву іх абагульняючым тэрмінам «клейны») спарадзілі шматлікія родаплемянныя эмблемы, Пройде час і гэтую функцыю на сябе возьмут пячаткі.
Найбольш знакамітыя для беларусаў знакі-клейны: трызубы прадстаўнікоў княжаскай дынастыі Рурыкавічаў на беларускіх землях у X-XIII стагоддзях. Праз стагодзі да нас дайшлі дзесятак “беларускіх”, месных трызубаў разнай ізаграфіі, а найбольш знакаміты трызубец полацкага князя Ізяслава размешчаны на сучасным гербе Заслаўя. Трызубы мясцовага паходжання, якія ўпрыгожвалі сцягі беларускіх дружын ўз’ядноўваюць беларускую гістарычную сімволіку з братэрскай гераічнай украінскай. Прамалёукі нашых трызубаў проста шыкоўныя і прыдатныя для выкарыстання і сёння.

Дарэчы, з часоў Кіеўскай Русі на працягу стагодзяў трызуб не не быў успрыняты украінцамі як традыцыйны, мясцовы, народны сімвал, як гэта было з беларускай Погоняй і нашым шасціканцовым крыжом. Не выкарыстоўвалі яго казакі (ну тыя ж гетманы Сагайдачны, Хмельніцкі і іншыя), аддавая перавагу знакам-клейнам, крыжам, паўмесяцам, зоркам і г.д. Украінскія часткі (Сечавыя Стральцы) Аўстра-Венгрыі не мелі на рукавах такіх эмблем. І толькі станаўленне нацыі ў пачатку XX стагодзя, рэвалюцыйныя падзеі і абвяшчэнне Украінскай дзяржавы яшчэ да нашэсця бальшавікоў у 1918 гаду вярнулі трызуб з сівой даўніны і вазвялі ў ранг нацыянальнага сімвала і дзяржаўнага герба.
Другі знакаміты для беларусаў сімвал, які паходзіць з знакаў-клейнаў называецца «Калюмны», якім карысталіся Вялікія літоўскія князі дынастыі Гедымінавічаў. Гэты вядомы дагеральдычны і геральдычны знак размяшчаліся на сцягах Вялікага княства Літоўскага, а некаторы час і наогул служылі дадатковай эмблемай кіруючай дынастыі на шчыце коннага воіна. Сёння Полацкі трызуб і Калюмны ўпрыгожваюць нарукаўныя знакі беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне.

Але не толькі трызубы і калюмны варты нашай памяці і павагі, трывала звязаны з вялікімі сынамі Беларусі старажытныя знакі-клейны, (якія сталі пасля гербамі): герб «Астрог» гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага, герб «Касцеша» гетмана ВКЛ Яна Хадкевіча, герб «Ліс» канцлера ВКЛ Льва Сапегі і многія іншыя родавыя знакі беларускіх магнатаў і служылага саслоўя – беларускай шляхты.
Мы памятаем, што XI-XIII стагоддзях у Заходняй Еўропе адбывалася станаўленне рыцарства і рыцарскай культуры. Патрэба распазнаваць ваяра на поле бітвы спарадзіла эмблемы, якія неўзабаве сталі пазначаць месца сваіх уладальнікаў у родзе, сям’і і грамадстве, іх права на зямлю i iншую маёмасць. Такая эмблема, якую перадавалі па спадчыне і выконвалі ў адпаведнасці з усталяванымі геральдычнымі правіламі, называецца гербам. Са з’яўленнем геральдыкі родаплемянныя эмблемы, знакі «клейны» сталі афармляць геральдычна і называць гербамі.
Варта адзначыць прыгажосць гербавай спадчыны беларусаў дзякуючы гербам Вішнявецкіх, Завішаў, Агінскіх, Радзівілаў, Сангушак, Сапегаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Чартарыйскіх і шмат каго яшчэ, каго не узгадаў, бо бракуе часу. Гэта проста надзвычайная прыгажосць!
КРЫЖЫ
Крыж – адзін з самых старажытных сімвалаў чалавецтва. У мінулым сімвалізаваў Сонца, Зямлю, бакі свету, душу, неўміручасць і не толькі, у залежнасці ад эпохі і рэгіёну. Скарыстаўшыся шырокім распаўсюджваннем крыжа, хрысціянства зрабіла гэты знак сваім ідэалагічным сімвалам, надзяліўшы яго новым значэннем. Існуе мноства варыянтаў крыжа, якія створаны шляхам павелічэння колькасці папярочак, змянення сілуэту яго канцоў, а таксама дэкарыравання.
Беларусы спрадвеку шануюць крыж не толькі ў народным арнаменце, але і яго асобыя ізаграфіі. Перш за ўсё гэта шасціканцовы крыж, які прыўнесены к нам з Візантыі, а у X-XII стагоддзях быў дзяржаўным сімвалам Полацкага.
Адлік пачынаецца з летапісных часоў, з нашых полацкіх князёў, у тым ліку найвыбітнага князя-ваяра, дзяржаўнага будаўніка і хрысціцеля Беларускай зямлі — Усяслава Чарадзея. Дакладна можна сцвярджаць, што ён карыстаўся ў якасці свайго сімвала шасціканцовым Святым або Чэсным крыжам, больш нам вядомым як крыж Ефрасінні Полацкай ці крыж князёў Барыса Усяславіча і Рагвалода-Васіля Барысавіча.

У канцы XIV стагоддзя, ягоны шасціканцовы “сабрат” прыйшоў да нас разам з гербам “Бойча” вялікага князя літоўскага Ягайлы. З гэтага моманту шчыт вершніка на гербе Вялікага княства Літоўскага ўпрыгожыў шасціканцовы крыж. Гэта трэці па значнасці беларускі сімвал – які упрыгожваў беларускія сцягі, эмблемы, а пазней – мундзіры беларускіх вайскоўцаў. Сёння шасціканцовы крыж мы бачым на сцягу Беларускага народнага фронту “Адраджэнне”, “Маладога фронту”, на эмблемах даьраахвотнікаў, мундурах Беларускай вызвольнай арміі г.д.
Чацьвёрты па значнасці беларускі сімвал гэта крыж Святога Юрыя, чырвоны крыж на белай харугве, які ва ўсем свеце лічыцца адным з сімвалаў хрысціянства. – Белая харугва з чырвоным крыжом, якая спадарожнічала вобразу збаўцы – Езуса Хрыста, таксама гэта абавязковы атрыбут Святога пакутніка Георгія. У сярэднявечнай Еўропе ён быў апекуном-абаронцам рыцарства, а ў славянскіх землях Георгос – «земляроб», Георгій, Ярыла-Юрый лічыўся не толькі ваяром, але і «адказным» за земляробства і жывёлагадоўлю. З развіццём геральдыкі асабліва шанаваны беларусамі святы Георгій стаў адной з распаўсюджаных фігур гербаў шляхты Вялікага княства Літоўскага.
У сусветнай геральдыцы і вексілалогіі сярод іншых замацаваўся просты чырвоны крыж – крыж Святога Георгія (Юрыя). Таму традыцыйнымі «георгіеўскімі» колерамі ўсе на свеце акрамя Расіі справядліва лічаць чырвоны і белы, што выдатна ілюструюць сцягі Англіі і Рэспублікі Грузія. Распаўсюджана гэтае каляровае спалучэнне і ў многіх гербах, у сюжэце якіх – вобраз Святога Георгія, напрыклад, у гербе Грузіі і той жа Масквы. Расейская версія георгіеўскіх колераў – звычайна трактоўка імперскіх жоўта-чорных колераў.
Гэты момант мае для нас асаблівы сэнс, бо паступова, з дапамогай колераў хрысціянства, геральдычных колераў святога Георгія, а таксама яго родзіча з групы конных гербоў – герба Пагоня – вызначаюцца гербавыя геральдычныя колеры беларускай дзяржавы – чырвоны і белы.
Шматлікія астатнія тыпы крыжоў таксама упрыгожылі сабой беларускую сімволіку, а без найбольш знакамітых з іх – вырубных, лапчатых, пашыраных немагчыма ўявіць сябе дэкор рыцарскх і гусарскіх даспехаў, сюжэт беларускіх сцягоў, узнагароды, релігійную, цівільную, прыватную сімволіку беларусаў.
ЗОРКІ
Зоркі ў сімволіцы – сімвалы вечнасці, высокіх памкненняў, ідэалаў, шчасця і не толькі. Розная колькасць вуглоў або прамянёў, якія ўтвараюць зорку, а таксама іх колер надаюць зоркам асаблівую, уласцівую толькі ім семантыку ў сімволіцы, геральдыцы, эмблематыцы.
Найбольш распаўсюджаныя: трохвугольная зорка – старажытны біблейскі знак – «Усёвідушчае вока», сімвал «Божага провіду», трохпрамянёвая зорка – адзін з варыянтаў трынітарных сімвалаў – «тройцы», чатырохпрамянёвая зорка – сімвал «святла ў змроку ночы».
Звыклая нашаму воку пяціканцовая зорка, хоць яна менш за ўсё адпавядае шматвяковай беларускай гісторыі, – знак, які абараняе ад зла, сімвал аховы і бяспекі.
Нядаўнія знаходкі пячатак полацкіх князеў дазволілі нам аднавіць васміканцовую зорку — яшчэ адзін дынастычны сімвал Рагвалодавічаў. Таму беларускія геральдысты выводзіць нашу сучасную вайсковую сімволіку адтуль, а таксама ўводзяць яе ў інфармацыйнае і геральдычнае поле пад імем найбольш вядомага і славутага князя.
Зорка-Сонца — найстаражытны знак і сакральны сімвал для пераважнай большасці народаў. Сонца традыцыйна ўспрымаецца як увасабленне вярхоўнага бажаства ў розных рэлігіях і культурах. Галоўная зорка-Сонца і зоркі наогул — сімвалы вечнасці, высокіх імкненняў, ідэалаў, пуцяводнасці, шчасця і іншага. Розная колькасць кутоў, канцоў або прамянёў, якія ўтвараюць зорку, а таксама іх колер надаюць зоркам асаблівы, уласцівы толькі ім сэнс ў геральдыцы, эмблематыцы, вайсковай сімволіцы.
Сярод зорак найбольш распаўсюджаныя ў Еўропе шасціканцовыя і васьміканцовыя зоркі. Яны прысутнічаюць ў хрысціянскай сімволіцы — ў інтэр’ерах і на купалах храмаў, ў вайсковай сімволіцы, напрыклад, як ордэнскія зоркі. Шасціканцовая зорка, напрыклад, якая мае рэлігійнае значэнне — як Біблейская, або «Віфлеемская зорка». Яна часта асацыюецца ў нас з габрэйскай культурай і сімволікай. Таму ў беларускай сімволіцы і геральдыцы замест яе часта выкарыстоўвалася васьміканцовая зорка. І геральдысты прапануюць увесці ў практыку яе назву — «Беларуская зорка».

Васьміканцовая зорка мае сваё значэнне. Яна абазначае паняцці: «Бог», «Сонца», «Добрая вестка», «Пачатак», «Нараджэнне» і іншае. Важна таксама, што такая зорка выступала як сімвалічны адпаведнік Ісуса Хрыста. Менавіта гэтая акалічнасць — прысутнасць седзячага на троне Ісуса Хрыста і васьміканцовай зоркі, як яго сімвалічнага ўвасаблення, на пячатках полацкіх князёў, Усяслава Чарадзея і яго нашчадкаў, дазволіла герадьдыстам стварыць «Беларускую вайсковую зорку».
Увогуле зоркі розных канфігурацый вельмі распаўсюджаны ў дзяржаўнай і вайсковай сімволіцы Еўропы і ў цэлым Захаду. Напрыклад, васьміканцовая зорка сустракаецца яшчэ ў сімволіцы ўзброеных сіл Македоніі (але мае там іншае паходжанне — ад сімволікі македонскіх цароў), а шасціканцовая зорка захавалася ў Літве.
Зразумела, вельмі запатрабавана ў сімволіцы «галоўная» зорка – Сонца – старажытны касмічны сімвал, галоўны знак і сімвал для пераважнай большасці народаў.
Канешне сказанае пра зоркі датычыцца і Луны. Увогуле, культ начного свяціла не саступаў у розных культурах старажытнай Беларусі культу Сонца. Нездарма хрысціянская царква так і не здолела абыйсціся без найбольш шануемых народаі сімвалаў, таму на выявах Хрыста і панны Марыі мы бачым німбы-сонечныя дыскі, часам спалучаныя з крыжамі і зоркамі, у нагах Багародзіцы месяц-маладзік, ёсць паўмесяц і на некаторых варыянтах хрысціянскіх надкупальных і іншых крыжоў.
Такім чынам нябесныя свяцілы – найважнейшая частка выяўленчых сродкаў у беларускай сімволіцы. Але калі казаць пра найбольш шануемыя беларусамі сімвалы-выявы – гэта: Сонца, васьміканцовая і шасціканцовая зорка.
РАСЛІНЫ
Культавыя для беларусаў дуб, колас і васілёк запатрабаваныя як нашы нацыянальныя ідэнтыфікатары і сёння, ў час бурнага развіцця інфармацыйных тэхналогій.
Напрыклад, дуб – сімвал доблесці і мужнасці, воінскай і працоўнай славы, цвёрдасці і даўгалецця.

Колас – сімвал урадлівасці, эканамічнай моцы дзяржавы, эканамічнага росквіту.
Васілёк – кранальны сімвал беларусаў, просты, але ўпарты (!), люстэрка народнай душы, культуры, фальклору.

Лаўр – сімвал славы, узнагарода.
Вянок – старажытны сімвал узнагароды, гонару, неўміручасці, велічы.
Гірлянда – скрутак з галін і лісця пераважна лаўра, дуба або елкі, які выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання.
ЖЫВЁЛЫ
Нашы продкі спрадвеку шукалі кроўнага саюза з больш моцнымі істотамі – дзікімі звярамі. Татэмныя жывелы зубр, лось, мядзведзь, воўк, арол, змяя і іншыя паступова трансфармаваліся ў духаў-ахоўнікаў, а затым і ў бажаство.

У Беларусі ёсць пэўны набор выяў жывёл, якія паспяхова ідэнтыфікуюць нашу краіну. Галоўныя з іх, якія сталі брэндамі: бусел – сімвал беларускіх абшараў, жытла, утульнасці, нараджэння дзяцей, вяртання дадому; зубр – сімвал сілы, магутнасці, нашай старажытнай гісторыі, прыроды, аднаўлення страчанага. Беларуская прыватная геральдыка ўвабрала ў сябе весь лесны рэальны і фантастычны жывёльны пантэон.

Як тут не вызначыць знакамітага чорнага арла роду Радзівілаў, белага арла Кароны Польскай, якога пасля уній з Польшай разам с Пагоняй насілі на сцягах беларускія ваяры. У дадатак да беларускай фауны выкарыстоўваюцца экзатычныя – леў, барс і іншыя. Тут варта прыгадаць герб Слоніма с залатым львом і гербам Льва Сапегі.
Асобным класам стаяць жывёлы фантастычныя, але якія валодаюць важкім «аўтарытэтам» у сімволіцы: адзінарог, крылаты конь-Пегас, цмок, грыфон, кітаўрас, васіліск, гідра, хімера і многія іншыя, запазычаныя ў розных народаў і культур. Тут нагадаем вядомага ўсім грыфона роду Хадкевічаў, Пегаса з манаграмай Радзівілаў на гербе Слуцка і гэтак далей. Вельмі прыгожыя вобразы.
БОСТВЫ
Тлумачачы з’явы навакольнага свету, нашы далёкія продкі стварылі міфалогію, а потым і рэлігію. З’явіліся несмяротныя асобы, якія сталі аб’ектамі шанавання і пакланення – боствы і багі. Для нас прымальны ўвесь пласт персанажаў і іх выяў, які адлюстроўвае духоўны свет беларусаў.
Гэта багі антычнага свету: Зеўс, Апалон, Афіна-Палада, Гефест, Гермес, Арэс і іншыя.
Далей – дахрысціянскія багі скандынаваў, напрыклад, Тор і Одзін, багі славян: Род, Сварог, Дажбог, Пярун і іншыя, Бог і святыя хрысціянскага свету, а таксама шматлікі мясцовы пантэон «апекуноў зямнога жыцця», духаў, якія насяляюць беларускія абшары, міфічных жыхароў навакольнага свету, нячысцікаў, казачна-міфалагічных персанажаў.
Разнастайны свет хрысціянскай сімволікі, якая трапіла на Беларусь з Візантыі прыкладна ў Х стагодзі: вобразы Бога Іеговы, Збаўцы – Ісуса Хрыста і Багародзіцы – Панны Марыі, анёлы і арханёлы – «веснікі, пасланцы» Бога, апосталы, прарокі, мучанікі, святыя, іх атрыбуты, рэальныя і фантастычныя жывёлы, прадметы і лічбы, якія ўзгадваюцца ў Святым Пісанні.

У першай палове XIV стагоддзя вобраз Панны Марыі, магчыма, быў дзяржаўным сімвалам Полацкага княства – феадальна-тэакратычнай рэспублікі на чале з біскупам. На асабістых пячатках полацкіх епіскапаў быў намаляваны вобраз Багародзіцы тыпу «Знаменне».
ЧАЛАВЕК
Чалавек – грамадская істота, якая валодае розумам і свядомасцю, а таксама суб’ект грамадска-гістарычнай дзейнасці і культуры, тлумачаць нам слоўнікі. Гледзячы на тое што зараз адбываецца ў Беларусі і ва Ўкраіне пачынаеш сумнявацца, што за істоты жывуць побач з людзьмі? Але гэта рыторыка.
Без выяў чалавека цяжка ўявіць сабе ўвесь комплекс сімволікі дзяржавы. Яно і зразумела, у гісторыі любой краіны важнейшыя вехі і дасягненні зрокава звязаны з абагульненымі вобразамі народа, народных герояў, а таксама з канкрэтнымі асобамі.
Зразумела, вобраз нацыянальнага героя-абаронцы роднай зямлі напрамую звязаны з дзяржаўным гербам «Пагоня», у аснове якога – старажытнае шанаванне чалавека-вершніка – ваяра, героя, правадыра, князя, а таксама культ каня.

У 1293 годзе указам князя Віценя, згодна Густынскага летапісу, вершнік з мячом прымае статус герба Вялікага княства Літоўскага, бо герб краіны атаясамляўся з гербам яе кіраўніка. Пазней на шчыце ваяра размяшчаліся клейны-гербы вялікіх князёў: леў – у Скіргайлы, варыянт трызуба – Калюмны – у Вітаўта, шасціканцовы крыж – Бойча – у Ягайлы. У канцы XV – пачатку XVI стагоддзя, мяркуючы па дакументах, герб з конным ваяром атрымаў назву «Пагоня».
У прывілеі караля польскага і вялікага князя літоўскага Ягайлы 1387 года павіннасць конна пераследваць ворага не толькі рыцарамі, але і ўсім насельніцтвам, здольным насіць зброю, па-лацінску называецца «pogonia».
У XVI стагоддзі ў адпаведнасці са Статутамі ВКЛ 1566 і 1588 гадоў адбылася афіцыйная легітымізацыя герба Пагоня і замацаванне яго за беларускімі землямі. Каляровыя спалучэнні Пагоні – чырвоны і срэбра, а ўлічваючы розныя версіі герба, можна казаць і аб дапаможных – сінім колеры (збруя, гунька) і золаце.
Акрамя коннага рыцара беларусамі запатрабаваныя партрэтныя выявы нашых герояў. Побач з курганам Касцюшкі і вуліцай Хадкевіча ў Кракаве гэта добра разумееш. Наш пантэон беларускіх герояў пакуль чакае. Увогуле, назвы вуліцаў і помнікі ў скверах Польшы выбітным палякам, а не дзеячам міжнароднага камуністычнага руху сведчаць аб тым, што мы проста прыехалі ў нармальную краіну.
СЦЯГІ
Зразумела, што асаблівасць захавання тканіны не дала нам шансаў пабачыць найбольш старажытныя з іх, больш за тое, сцягі недалёкага ад нас перыяду захавалісь даволі кепска, і што яшчэ горш – дадзеных якія яны былі у сівую даўніну таксама амаль няма.
Згодна з першакрыніцамі у Х стагоддзі, выкарыстоўваліся трохвугольныя выцягнутыя і прамавугольныя вузкія палотнішчы з адным ці трыма «хвастамі-касіцамі» або без іх. Памеры баявых сцягоў розныя.
Колер палотнішчаў сцягоў на мініяцюрах часцей за ўсё чырвоны, радзей – сіні, зялёны, карычневы або белы. Магчыма гэта ўплыў скандынаўскай традыцыі. Магчыма, згодна з варажскай традыцыяй на сцягах дружын малявалі выявы родапляменных эмблем, тыя ж трызубы, калюмны, шматлікія клейны, сонца, зоркі, крыжы, выявы жывёл, у тым ліку і фантастычных.
Паступова запазычваліся традыцыйныя візантыйскія спалучэнні колераў: белы, чырвоны, сіні, жоўты ў розных камбінацыях. Згодна з гэтай традыцыяй, сімвалы-клейны саступілі месца хрысціянскім, у першую чаргу крыжу, простаму, або шасьціканцоваму. Варыянтам традыцыйнага шасціканцовага крыжа на беларускай зямлі быў “крыж-Галгофа” (“лобнае месца”). Падобныя крыжы – на знакамітых Рагвалодавых і Барысавых камянях.
У XІII-XІV на сцягах Вялікага княства Літоўскага згодна з агульнаеўрапейскай традыцыяй, акрамя крыжоў розных формаў, вобразаў Панны Марыі, фігур арханёлаў, святых, з’яўляюцца абліччы Збавіцеля – Ісуса Хрыста. Пад стаць велічы Хрыста і колеры сцягаў: чырвоны, золата, срэбра. Сцягі князёў, баяраў, рыцарства надалей упрыгожвалі іх асабістыя знакі-клейны, а пазней – гербы.
У 1569 годзе паўстала федэратыўная дзяржава – Рэч Паспалітая, якая аб’яднала Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае. Галоўным у краіне быў дзяржаўны сцяг Рэчы Паспалітай, які складаўся з трох гарызантальных палос чырвонага і белага колеру і герба дзяржавы.
Дзяржаўны сцяг Вялікага княства Літоўскага ў гэты перыяд уяўляў сабою чырвонае палотнішча з чатырма касіцамі, на якім была вышыта выява Пагоні і Маці Божай з немаўлём.
Пад канец стагоддзя еўрапейская культура сцяга адбілася і на галоўным сцягу ВКЛ, дзе выява Пагоні і Багародзіцы саступіла месца геаметрычнаму выражэнню сімвала, трансфарміравалася ў тры паласы – адпаведна колерам герба: чырвоны, белы і чырвоны. Гэтыя колеры атаясамліваюцца з дзяржаўнымі. Нашы продкі паступова набліжаліся да сучаснага нацыянальнага сцяга.
Радзівілы – найбагацейшы род у Вялікім княстве Літоўскім, у 1547 годзе першым у дзяржаве атрымаў княскі тытул Свяшчэннай Рымскай імперыі. Герб Радзівілаў з прывілею Фердынанда I, дадзенага Мікалаю Радзівілу Чорнаму 14 снежня 1547 году разам з тытулам князя, уяўляў сабой чорнага арла на залатым полі, на грудзях якога размяшчаўся шчыт з радавой геральдыкай, у тым ліку герб Трубы. Адлюстраваннем гербавых колераў Радзівілаў з’яўляецца жоўты сцяг з чорным арлом, жоўта-чорныя флюгеры войска, геральдычная стужка з трох чорных і двух аранжавых палос, якая цяпер упрыгожвае сцены пахавальні ў Нясвіжы. Дзякуючы геральдыцы Радзівілаў залаціста-чорнае (аранжава-чорнае) каляровае спалучэнне задолга да расійскага прыўнясення на Беларусь для беларускай вайсковай сімволікі ужо было традыцыйным.
У XVII стагоддзі ў Рэчы Паспалітай з’явіўся чатырохпалосны сцяг белага і чырвонага колераў як спроба геральдычна дакладна аб’яднаць сімволіку дзяржаў – членаў федэрацыі. У цэнтры размяшчаўся аб’яднаны герб абедзвюх дзяржаў у шчыце, які складаўся з чатырох частак, увенчаны каронай. У першай і чацвёртай частках адлюстроўваўся польскі белы арол, у другой і трэцяй – Пагоня. У цэнтры, у малым шчытку, звычайна размяшчаўся герб кіруючага манарха.
У часы акупацыі Беларусі Расійскай імперыяй герб “Пагоня” і бела-чырвоныя колеры нідзе не падзеліся, а больш за тое, спачатку ўстойліва замацаваліся за беларускімі землямі і вашлі ў склад расійскай тэрытарыяльнай геральдыкі і вайсковай сімволікі, колераў сцягаў і уніформы, і толькі пасля шэрагу паўстанняў на Беларусі ўлады пачалі скасоўваць “унутраную заграніцу”, асаблівы статус зямель былой Польшчы і ВКЛ, а таксамы і беларускую сімволіку. І ўсё ж, нягледзячы на гвалтоўную русіфікацыю захавалася Пагоня, а дзе-нідзе і бела-чырвоныя колеры ў Расейскай дзяржаўнай і тэрытарыяльнай геральдыцы.
У 1917 годзе, ва ўмовах масавага рэвалюцыйнага парыву ідэя незалежнасці ад Расіі заваёўвала ўсё большую колькасць прыхільнікаў сярод шматнацыянальнага насельніцтва былой імперыі. Былі сярод іх і беларусы, якія марылі пра аўтаномію ў складзе новай дэмакратычнай Расіі. Гэтая мара мела ўласную геральдычную расфарбоўку.
У летку 1917 года студэнт Петраградзкага горнага інстытута Клаўдзій Дуж-Душэўскі распрацаваў праект беларускага бел-чырвона-белага нацыянальнага сцяга. Між тым былі і версіі з выкарыстаннем блакітнага колеру ў дадатак да гэтых.
Белым спачатку быў сцяг над будынкам у Менску, дзе 25 сакавіка 1917 года праходзіў Першы Беларускі кангрэс. Відавочна, чыста белае палотнішча асацыявалася з назвай “Белая Русь”, але дэлегаты кангрэса на хвалі рэвалюцыйных настрояў палічылі белы сцяг сімвалам «контррэвалюцыі і рэакцыі». Паводле адной з версій, прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага камітэта прапанавалі размясціць пасярэдзіне палотнішча чырвоную паласу як сімвал рэвалюцыі, у выніку атрымаўшы бела-чырвона-белы сцяг. Па іншай версіі, гэты сцяг ідэальна адлюстроўваў традыцыйныя «белыя і чырвоныя ўзоры» беларусаў.
Нягледзячы на наяўнасць іншых варыянтаў нацыянальнага сцяга, Першы Усебеларускі з’езд прайшоў 15 снежня 1917 года пад бела-чырвона-белымі сцягамі. Дэлегатам з’езда бела-чырвона-белае палотнішча было прадстаўлена як нацыянальны сцяг, дзяржаўны «штандар», што спрыяла яго далейшаму распаўсюджванню.
Калі адбылося абвяшчэнне ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі – БНР, то у якасці сімвалаў рэспублікі выкарыстоўваліся герб Пагоня і бела-чырвона-белы сцяг. Сустракаліся і гербавыя сцягі – адзін бок сцяга заставаўся трохпалосным, іншая магла быць белай з выявай Пагоні і лозунгам “Няхай жыве вольная Беларусь!”.
11 жніўня ў газеце “Вольная Беларусь” было апублікавана першае афіцыйнае апісанне сцяга: «Нацыянальны беларускі колер – бела-чырвоны. З гэтых колераў складзены і беларускі сцяг, які складаецца з трох палосак уздоўж – белай, чырвонай і зноў белай».
Акрамя бела-чырвона-белай сімволікі, на дзяржаўных пячатках устаноў БНР, бланках пашпартоў, паштовых марках, шыльдах размяшчалася выява герба Пагоня. Відавочна, з гэтага моманту сімволіку і нацыянальныя колеры беларусаў можна лічыць вызначанымі дзяржаўнымі, але дзяржаўнымі ў сэнсе агульнага міжнароднага прызнання яны стануць толькі ў 1991 годзе.
У 1941 годзе палітычныя сілы Беларусі, якія сталі на шлях барацьбы з бальшавізмам, выкарыстоўвалі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дапаможнымі сімваламі былі васілёк, колас, шасцярня і іншыя. Афіцыйна ўсе гэтыя сімвалы нямецкімі ўладамі не зацвярджаліся.
27 ліпеня 1990 года Вярхоўным Саветам БССР была прынята Дэкларацыя «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», а 19 верасня 1991 года БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. Беларуская дзяржава атрымала дзяржаўны герб Пагоня і дзяржаўны сцяг з палотнішчам «з трох гарызантальных палос роўнай шырыні: верхняй і ніжняй – белага, а сярэдняй – чырвонага колеру».
Падобная гісторыя адбылася і з нацыянальным сцягам Украіны. У пошуках сваёй нацыянальнай адметнасці, з дапамогай гістарычнага аналізу рыцарскіх харугваў (жоўта-блакітнае спалучэнне колераў Львоўскай зямлі), казацкімі харугвамі, якія с XVII стагодзя ўсё часцей выкарыстоўваюць гэтыя ж колеры, сцягамі палітычных і грамадзкіх сіл, якія таксама ўсё часцей прфытрымлівалісь жоўта-блакітнай гаммы – ў 1918 годзе новыя украінскія улады абвесцілі незалежнасць УНР пад сучасным прапором Украіны.
Тым часам, у красавіке 2014 года ўспыхнуў узброены канфлікт на ўсходзе Украіны. Узброеныя сілы Украіны ўступілі ў супрацьстаянне з атрадамі сепаратыстаў і расійскім войскам. У баях супраць прыхільнікаў ДНР і ЛНР удзельнічалі добраахвотніцкія ваенізаваныя фарміраванні, у тым ліку атрад «Пагоня» з Беларусі. Атрад меў уласную сімволіку і атрыбутыку: сцягі, нарукаўныя знакі, беларускія нашыўкі. Дадаткова выкарыстоўваліся нарукаўныя знакі беларускай арміі ўзору 1992-1995 гадоў і ўкраінскія нашыўкі. Там нашы нацыянальныя сімвалы сустрэліся ў зацятай вайне з рускім мірам. Гэтая гераічная барацьба пад нашымі брацкімі беларускімі і украінскімі нацыянальнымі сімваламі працягваецца. Наша возьме! Жыве Беларусь! Слава Украіне! Ніх жые Польска!